Далучаючыся да праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё», інспекцыя Дзяржбуднагляду па Гродзенскай вобласці наведала музей Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, публіцыст, перакладчык.
Музей Максіма Багдановіча ў Гродне займае частку мемарыяльнага дома, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Экскурсія пазнаёміла супрацоўнікаў інспекцыі з перыядам жыцця сям’і Багдановічаў у Гродне з 1892 г. па 1896 г., з дзяцінствам будучага класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча, з бацькамі паэта – Адамам Ягоравічам і Марыяй Апанасаўнай Багдановічамі.
![]() |
![]() |
Супрацоўнікі інспекцыі азнаёміліся с наступнымі экспазіцыямі:
Гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў
У экспазіцыйнай зале прадстаўлены дакументы, рукапісы, лісты, кнігі, фотаздымкі сям’і Багдановічаў, іх родных і знаёмых.
Засяроджваюць увагу першы фотаздымак Максіма і яго маці, сямейны фотаздымак Багдановічаў, зробленыя ў Гродне, метрыкі хросту дзяцей Багдановічаў, асабістыя рэчы паэта – рамка для фотаздымкаў і сярэбраная гарбатная лыжка, зборнік «Вянок» (1913 г.) з аўтографамі Адама Багдановіча, Ганны Валасовіч-Гразновай, Янкі Брыля.

Літаратурна-грамадскі рух на Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст.
У зале экспануюцца: часопісы «Жыццё беларуса», «Жаноцкая справа» і «Саха», кнігі Я. Купалы «Шляхам жыцця», «Жалейка», зборнікі вершаў Ф. Багушэвіча, Цёткі, Я. Коласа, К. Буйло, А. Паўловіча, М. Гарэцкага, «Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча і інш.
Гродзеншчына літаратурная
У аддзеле экспануюцца кнігі, рукапісы, аўтографы, фотаздымкі, асабістыя рэчы гарадзенскіх літаратараў, філолагаў: В.Быкава, А.Пяткевіча, М.Мельнікава, А.Дземідовіча, М. Васілька, Я. Брыля, А. Карпюка, Д. Бічэль-Загнетавай, В. Іпатавай.
Паэтычны талент М. Багдановіча раскрыўся ў пейзажнай лірыцы, у творах сацыяльна-грамадскага зместу, у філасофскіх мініяцюрах на тэму жыцця і смерці, у творах на гістарычную і гарадскую тэмы.
Аднак самай яркай старонкай у нашай літаратуры стала яго лірыка пра каханне. У зборніку «Вянок» ёсць нізка вершаў пад назваю «Мадонны», у яго ўваходзяць дзве невялікія паэмы «У вёсцы» і «Вераніка», прысвечаныя Ганне Рафаілаўне Какуевай. Ёй прысвечаны і вершы: «Учора шчасце толькі глянула нясмела», трыялет «Мне доўгае растанне з Вамі…», «Четверной акростих» і інш.
М. Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры пачаў складаць вершы так званых малых формаў: санеты («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…»), актавы («Як моцны рэактыў, каторы выклікае…»), рандо («Узор прыгожы пекных зор…»), трыялеты («Калісь глядзеў на сонца я…»), тэрцыны («Ёсць чары ў забытым, старадаўным…»).
Паэт перакладаў на беларускую мову творы Авідзія, Гарацыя, французскага паэта Поля Верлена. Акрамя таго, стаў выдатным літаратурным крытыкам, што знайшло адлюстраванне ў артыкулах «Глыбы і слаі», «За сто гадоў», «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ ст.».
![]() |
![]() |
Супрацоўнікі інспекцыі засталіся ў захапленні ад экскурсіі на роднай беларускай мове!




