Спецыялізаваная інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам з задавальненнем далучылася да праекта «Кожную пятніцу - роднае, сваё». Гэтая цудоўная ініцыятыва заклікана папулярызаваць якасць айчынных тавараў, разнастайнасць беларускіх страў і прыгажосць роднай мовы. Калектыў вырашыў падтрымаць яе не толькі словамі, але і справамі - смачным традыцыйным абедам!
Сёння ў нас было незвычайнае, але вельмі цёплае і аб’яднальнае мерапрыемства «Беларускі абед». Супрацоўнікі самастойна прыгатавалі свае любімыя стравы нацыянальнай кухні і прынёслі іх для сумеснага сяброўскага абеду з калегамі.
На стале, засланым льняным ручніком, чырванелі бліны з рознымі начынкамі, курыўся запраўны гаршчок з мачанкай, чакалі сваёй чаргі пухкія калдуны, запечаная бульбяная бабка, а таксама шмат іншага.
Гэта быў не проста абед,а сустрэча вакол агульнага сталу, дзе смак дапамагаў адчуць сувязь з традыцыямі.
Калектыў яшчэ раз пераканаўся, што нашая культурная спадчына - гэта не толькі музейныя экспанаты, але і жывыя традыцыі, якія можна (і трэба!) адраджаць у штодзённым жыцці, нават на працоўным месцы.
Такія моманты нагадваюць, што любоў да Радзімы пачынаецца з малых рэчаў: з увагі да роднага слова, павагі да працы землякоў і, вядома, з памяці пра смак дзяцінства. Дзякуй усім, хто далучыўся і зрабіў гэтую пятніцу сапраўды асаблівай і “сваёй”!
Далучайцеся да традыцый - падтрымлівайце сваё!




